Наталля Карповіч
Навэла.
Беражыся Нёманскіх русалак.
У Нёмане заўсёды вадзіліся русалкі. Ім не перашкаджала нават халодная вада зімой. А калі з’яўляліся зімой на Нёмане крыгі, дык на іх, як на чоўнах, русалкі каталіся і нават зладжвалі спаборніцтвы з шалёным рогатам.
Але Нёманскія русалкі, хоць і прыгожа называліся вадзяніцамі, былі розныя. Тыя, хто “кватараваў” далёка ад паселішчаў людзей былі падступнымі і нават дзікімі. Палявалі, асабліва досьвіткам, на адзінокіх рыбакоў, якія заплывалі у ціхую затоку. Спачатку ўсыплялі сваімі спевамі. А калі ўжо рыбак пачынаў “дзюбаць” носам, яны з дзікім рогатам вынырвалі з вады, акружаючы лодку. Чалавек жахаўся, выпускаў вуду з рук, схапляўся на ногі, лодка гойдалася і ён падаў у ваду ў ледзяныя абдымкі русалак. На выратаванне не было ніводнага шансу. Потым ужо на беразе русалкі святкавалі, вадзілі карагоды, спявалі шалёныя песні.
А тыя, што сяліліся каля гарадоў, былі меней злобнымі. Шляхетнасцю і выкшталцэнем вылучаліся гарадзенскія русалкі, асабліва тыя, што размясціліся каля Румлёўскага парка. Вялікай шкоды людзям не рабілі. Зрэдку палохалі рыбакоў каля берага. А адзінокіх спартоўцаў, якія займаліся спортам у Румлёўскім парку аж да ночы палохалі нечаканым выглядваннем з-за дрэваў. Румлёўскі парк ім вельмі падабаўся. Розныя віды дрэў і расліннасці, вельмі прыгожыя кветкі радавалі нават акамянелыя сэрцы русалак. Вельмі любілі апоўначы выходзіць з вады і завісаць на дрэвах. Для гэтага упадабалі два магутных стогадовых дуба. Седзячы на дубах, яны спявалі і нават таньчылі, круцячы русалкавымі хвастамі. Падабаліся русалкам і гарадзенцы, якія прыходзілі адпачыць у парк. Але і ў Румлёўскім парку адбыўся выпадак з нападам русалак на чалавека. Немагчыма нячысцікам доўга хаваць сваю злачынную сутнасць. А папярэднічала злачынству вось што. У Румлёўскім парку з боку Нёмана на самым ускрайку парка расло дрэва явар. Каля дрэва стаяла лаўка, якая займела назву – лаўка закаханых. З гэтага месца адкрываўся цудоўны від на Нёман і на наваколле. Месца было самотным і рамантычным. Сюды і прыводзіў дзяўчын малады хлопец, які меў імя Алесь. Дзяўчын было шмат, кожны раз іншая. Усе яны былі маладымі і прыгожымі. Можа і не здарылася бы бяды, каб Алесь не выкарыстоўваў менавіта гэтае месца, якое падабалася і русалкам, для разрыву адносін з дзяўчатамі. Ён казаў дзяўчыне: –Я цебе не кахаю, сустрэў іншую дзяўчыну, мы развітваемся з табой назаўжды -. Дзяўчына у роспачы, пачынала плакаць, маліла не пакідаць яе. Нічога не дапамагала. Алесь не прасіў прабачэння, нават не адчуваў сябе вінаватым. Быў задаволены сабой, лічыў сябе захапляльным, ад позіркага якога не выстаіць ні адна жанчына. Быў упэўнены, што пры становішчы, якое існуе доўгі час у Гародні, недахопу ў дзяўчынах не будзе. А становішча было такое, што ў Гародні мужчын было значна менш за жанчын. Мужчыны ў Гародні маюць мала канкурэнцыі і адчуваюць сябе заўсёды запатрабаванымі. Асабліва такія як Алесь: высокі, добра складзены, спартовец, з блакітнымі вачыма, выдатна адукаваны. Вось дзяўчыны і ўлюбляліся ў яго нават з першага позірку.