Наталля Карповіч
Андрусь сядзеў на валуне самай высокай гары наваколля, якая мела назву – Вялікая. Ён вельмі любіў прыходзіць сюды, праўда выпадала гэта не часта. Мог гадзінамі сядзець і назіраць з вышыні за краявідамі. Ён адчуваў сябе абсалютна шчаслівым. Сэрца яго перапаўнялася радасцю і пяшчотай ад свядомасці, што ён чалавек, які жыве ў прыгожым і таямнічам міры, у якім ён адчувае сябе часткай вялікага космаса. Але разам з тым, мае і свой, такі знаёмы і надзейны космас, які складаецца з яго сям’і – жонкі Марты і трох дачок: Зоські, Адэлькі і Стэфкі. Меў сваю хату, якую з дапамогай бацькі і шматлікіх сваякоў дзесяць гадоў таму пабудаваў перад жаніцьбай. Рабілі яго шчаслівым і ўпэўненым у будучыні і добрыя адносіны з іншымі людзьмі. Месца, дзе яны пражывалі было размешчана паміж дзьвюх рэчак: вялікага Нёмана і вытокаў рэчкі Валоўкі. Мясцовасць была выдатнай для жыцця: тут былі: і лясы, і палі, і балоты, выгулы для жывёл і шмат азёраў. Менавіта ў гэтай мясцовасці і жыло племя лютаў. Люты адрозніваліся ад іншых плямёнаў Прынёмання. Яны былі добразычлівымі, мелі спакойны нораў, любілі працаваць. Люты навучыліся жыць разам і разам з тым асобна сваімі сем’ямі. Месца хапала ўсім, таму не было ні сварак, ні бояк. На характар лютаў уплывалі прыгожыя краявіды навокал. Ну ці можа чалавек быць не радасным і не шчаслівым, калі есць такая прыгажосць. Асаблівай увагі заслугоўвалі непатрабавальныя палявыя кветкі: гарлачыкі, рамонкі, люцікі, пралескі, першацвет, кісліца, макі. А сонечныя дзьмухаўцы, якія адным толькі выглядам адганяюць стомленасць, а чабор, а ландышы і шмат яшчэ кветак, якіх не пералічыць, радуюць вока і такія мілыя сэрцу. Але Андрусю найбольш падабаліся валошкі, якіх было найбольш акурат на ўлюбёнай гары, дзе зараз ён і сядзеў. Уся Вялікая гара і ўсе склоны былі абсыпаны такой кранальнай чароўнасцю, што ажно шчаміла сэрца ад шчасця. Валошкі для Андруся ўвасаблялі сабой колер чыстага неба, празрыстай сіні рэк і зялёнай травы. Яны выклікалі самыя светлыя пачуцці, дабрыню і душэўную чысціню.
Па праўдзе імя Андрусь было яму не родным, а прыстала неяк да яго з дзяцінства. Але Андрусю падабалася, было гучным і вылучалася сярод іншых. А сапраўднае яго імя было Мендог, падобнае да імя бацькі, які зваўся Меўкольд. Бацька спачатку крыўдаваў, але з цягам часу змірыўся. Андруся вельмі паважалі ва ўсім наваколлі і прыслухоўваліся да яго. Андрусь адмыслова нічога для гэтага не рабіў, але яму было ганарова, што людзі падпарадкоўваюцца яму.
З валуна Вялікай гары Андрусь мог бачыць амаль усё вакол. Найбольшую ўвагу прыцягвалі горы: Лысая і Святая. Асабліва цікавіла Святая гара. Там было свяцілішча. Люты прыходзілі маліцца багам, а асабліва богу Пяруну, якога лічылі галоўным. На гары рос дуб, а таксама стаяў камень, ці валун незвычайнай формы, якому пакланяліся. Валун быў абвязаны белым рушніком з вышытымі на ім старадаўнімі сімваламі сонца, дабрабыту і ураджаю. Перад валуном было невялікае вогнішча, там заўсёды гарэў агонь і праводзіліся абрады. Абараняў гэтае месца знахар, ці калдун, які меў імя Саўка. Ён невядома адкуль узяўся і невядома колькі было яму гадоў. Саўка быў поўны, мажны, з доўгімі чорнымі валасамі. Жыў калдун не на самой Святой гары, а ў яе падножжа.