Вітаю вас, дарагія сябры! Заўжды рада вашай уваге, а таксама ўдзячна ўсім тым, хто проста заходзіць на маю старонку! Як вы ўжо ведаеце, я пераехала ў Штафенхаген, невялікі і ціхі гарадок на поўначы Нямеччыны. Жыву тут усяго некалькі месяцаў, але ўжо паспе́ла прывя́зацца да гэтага месца. Сення я раскажу вам, што я бачу праз чароўнае залатое кольца, якое кацілася-кацілася па свеце ды і прывяло мяне сюды)
Вуліцы Штафенхагена кружляюць у складаным сярэднявечным танцы, у якім я, як чалавек, прывыклы да плановай забудовы, пакуль што з цяжкасцю арыентуюся. У цэнтры горада ўзвышаецца востры купал лютэранскай кірхі. Ва ўсе бакі разбягаюцца маленькія казачныя дамкі з пернікавымі дахамі. Крывыя вулачкі вядуць на плошчу, акружаную яркімі рознакаляровымі будынкамі. А пасярэдзіне гэтай файнай плошчы стаіць помнік Фрыцу Ройтэру, за ажурнай срэбрыстай агароджай.
Фрыц Ройтэр – гэта наш Ільіч. Усюды прадаюцца цішоткі, кубкі і іншая драбяза з яго выявай, а яго мясісты барадаты твар сур’ёзна глядзіць з дарожных банераў.
Насамрэч, Фрыц Ройтэр – гэта вядомы нямецкі пісьменнік, які праславіўся сваёй прозай і паэзіяй на ніжненямецкай гаворцы. Жыхары Штафенхагена вельмі ганарацца тым, што Фрыц Ройтэр нарадзіўся ў іхнім горадзе.
На вуліцы Штафенхагена час ад часу можна назіраць закаханую пару. Гэта мы з Зігфрыдам павольна крочым па старой брукаванцы. Найчасцей мы ідзём у кавярню, дзе купляем мяккае марозіва. Мой суджаны, узброены мудрасцю несмяротнага Кніге, просіць мяне ісці справа ад яго – так патрабуе этыкет.
Кожны дзень я адкрываю для сябе нешта новае. Штафенхагенская публіка моцна адрозніваецца ад той, якую я звыкла бачыць у Мінску. Калі я выходжу на вуліцу ў Мінску, большасць людзей вакол маладзейшая за мяне. У Штафенхагене, наадварот, большасць людзей старэйшыя за мяне. Але гэта не скоўвае. Усюды я сустракаю жывыя добразычлівыя позіркі, шмат хто мне ўсміхаецца.
Мы жывём на ўскраіне горада ў трохвугольным прыземістым доме, з такім жа пернікавым дахам, як і ва ўсіх астатніх дамоў. Адразу за домам цячэ маленькі спакойны ручай, а адразу за ім пачынаецца лес. З лесу летам даносяцца птушыныя трэлі, а восенню прылятаюць залатыя дубовыя лісты.
У невялікай майстэрні на першым паверсе дома я пішу свае карціны. А ў вольны час чытаю, капаюся на кветніку ці проста гультаю. Так праходзіць мой час.