– Тата, раскажы нам казку.
– Пра што?
– Ня ведаю.
Арсень прыўзняўся на локці, а Яўген расьцягнуў рот ва ўсьмешцы, не адрываючы галавы ад падушкі. Абодва выдатна ведалі, што маё пытаньне было ўскоснай згодай і казкі ім не пазьбегнуць. Чаму яны любілі мае казкі, якія атрымліваліся ў мяне занадта мудрагелістымі і нават трошкі нуднымі, я так да гэтага часу і не зразумеў. Ну, ды добра. Казку дык казку.
– Дык пра што? – спытаў я, хаця для сябе ўжо даўно вырашыў, пра што будзе аповяд. – Вырашайце, пакуль я добры.
– Раскажы аб падарожжах, – Арсень ужо сядзеў на ложку, захутаўшыся ў коўдру, – пра прыгоды.
– Навогул, любая казка апавядае пра прыгоды.
– Аб падарожжах ды прыгодах ў часе, – Арсень быў відавочна задаволены сваёй выдумкай, а негаваркі Жэнька заўсьміхаўся яшчэ шырэй у знак згоды са старэйшым братам.
– Вы самі кожны дзень падарожнічаеце ў часе, – я вырашыў крыху паразумнічаць і заадно набіць сабе цану. – Вы засьнеце сёньня, а праз імгненьне прачнецеся заўтра раніцай. Калі прысніцца сон, то падарожжа ў часе пройдзе з прыгодамі.
– Ну, тат! – Арся відавочна гарэў нецярпеньнем.
– Добра, добра, так і быць …
Гальская армія, колькасьцю ў пяцьдзесят тысяч чалавек, разьмясьцілася ў Алезыі. Усяго некалькі месяцаў таму Верцынгетарыкс нанёс паразу войскам Цэзара ў бітве пры Герговіі і адчуваў сябе гаспадаром становішча да таго часу, пакуль Цэзар і Ціт Лябіен не замкнулі ягонае войска ў крэпасьці падвойным кальцом ўмацаваньняў. Для Юлія Цэзара параза пры Герговіі стала ня толькі самай буйной няўдачай ў ягоным жыцьці, але і неацэнным вопытам. Рымляне зрабілі ўсё, каб не дапусьціць зноўку такога промаху. Яны збудавалі вакол асаджаных у Алезыі дзьве лініі абароны. Неабходнасьць стварэньня падвойнай абароны дыктавалася тым, што войскі Цэзара вялі баі глыбока на тэрыторыі праціўніка. Адна лінія абараняла рымскія войскі ад вылазак галаў з асаджанай крэпасьці, а другая была збудаваная на выпадак, калі да тых, хто знаходзіўся ў аблозе, прыбудзе дапамога. Рымскія войскі ў гэтым выпадку самі трапяць у акружэньне.
Менавіта на выпадак акружэньня, кожная з абарончых ліній рымлян была абнесена частаколам ў чатыры метры вышынёй і акружана глыбокімі ірвамі. Такія абарончыя ўмацаваньні апынуліся галам не па зубах. У выніку, уласны горад стаў для Верцынгетарыкса і ягоных паплечнікаў пасткай. Калі ў Алезыі пачаўся голад, а адчай галаў дайшоў да апошняй мяжы, здарыўся цуд: на дапамогу войскам Верцынгетарыкса прыйшла абьяднаная армія гальскіх плямёнаў начале з Коміем. Гэтая армія налічвала ніяк ня менш за дзьвесьце тысяч чалавек. Рымскае войска, як і прадчуваў Цэзар, аказалася заціснутым у падвойнае кальцо, нібы ў ціскі, але ад гэтага ня стала менш грозным. Галы, у сваю чаргу, былі выкананы рашучасьці зьнішчыць рымлян. Кожны з гальскіх воінаў, як у горадзе, так і з вонкавага боку рымскіх ўмацаваньняў, разумеў, што калі не прарваць абарону ворага, яны прайграюць вайну і паўстаньне супраць Рымскай рэспублікі будзе задушана. Але на два наступных дня, ня гледзячы на нястрымныя атакі галаў, абарона, якую Гай Юлій Цэзар пабудаваў разам са сваім сябрам і паплечнікам Цітам Лябіенам, засталася непахіснай.